1
2
3
4
5
6

Усё, што нам трэба, — гэта любоў

"All we need is Love"
John Lennon

19 кастрычніка 2025 года ў Freiman Hall Універсітэта Атавы адбыўся вечар паэзіі і музыкі «Юрась, Cantabile і сябры» — своеасаблівы бенефіс таленавітага беларускага паэта, які жыве ў Атаве, Юрася Шамецкага. Вечар зрабіў незабыўнае ўражанне на ўсіх прысутных і пакінуў цудоўныя ўспаміны.

Як не хапае нам у паўсядзённым жыцці замірэння і ўмення радавацца... Прамень святла сярод восеньскага смутку — такім стаў гэты нядзельны канцэрт! Я ішла на яго ў надзеі на цуд, з прадчуваннем непаўторнай асалоды, бо даўно знаёмая з творчасцю Юрася і дуэта «Cantabile» (Улада Шамецкая, скрыпка, і Міша Рыкоў, гітара). І ўсё ж тое, сведкам чаго я стала, пераўзышло нават мае вельмі высокія чаканні.

А. П. Чэхаў, славуты драматург, слушна заўважыў: «Калі хочаш стаць аптымістам і зразумець жыццё, перастань верыць таму, што кажуць і пішуць, а назірай і ўніка́й.» Назіраць за тым, што адбывалася, было надзвычай цікава, а ўжо ўнікаць — і пагатоў. Дбайна прадумаўшы ўсё да драбніц, арганізатары, яны ж і галоўныя ўдзельнікі імпрэзы, паклапаціліся пра кожнага слухача, дастукаліся, як мне здаецца, да кожнага гледача, закранулі сваім трапятаннем душэўныя струны ўсіх без выключэння. Вось некаторыя з водгукаў:

Дзякуй вам, сябры, за неверагоднае выступленне, за наймацнейшыя эмоцыі, цёплую энергетыку і проста за тое, што вы ёсць!

Вялікі дзякуй за вашу працу, шчырасць і ўнёсак у беларускую культуру. Жадаем вам далейшага натхнення. Ганарымся вамі і любім вас!

Dear friends, I just want to express (even if you have already heard from many people) my gratitude for the wonderful concert you gave us all today. Truly excellent work and performances by all participants.

Калі мы расслабленыя, нам лягчэй заўважаць важныя дэталі, без намаганняў знаходзіць нестандартныя рашэнні. Калі мы адпачылыя, нам прасцей прымаць зваротную сувязь ад іншых, аддзяляючы карыснае ад лішняга. У адпачылым стане мы робім менш памылак, без напружання ўбіраем у сябе новую інфармацыю, верым у сябе, становімся больш добразычлівымі. Таму адпачынак у кампаніі адораных людзей, якія любяць адно аднаго і ўвесь свет, — гэта падарунак, шчодра падораны нам Уладай і Юрасём Шамецкімі, Мішам Рыковым, Алесем Каралькевічам і іх цудоўнымі сябрамі, што ўзялі ўдзел у канцэрце.

Наша душа — гэта трайное адзінства, якое складаецца з пачуццяў, думак і памяці. Людзі, якія зрабілі правільны выбар і прыйшлі ў нядзелю на канцэрт, надоўга яго запомняць, бо ён спарадзіў толькі добрыя думкі, абудзіў найпрыгажэйшыя пачуцці, губляць якія не хочацца.

У невялікай, але ўтульнай зале вольных месцаў амаль не было. Кожнаму прысутнаму былі падораныя зробленыя з любоўю двухбаковыя праграмкі на беларускай і англійскай мовах. Цэнтральную частку праграмкі сімвалічна заняў вобраз чыстага мірнага неба над Атавай, Мінскам, Нью-Ёркам і Парыжам — гарадамі, якія натхнілі Юрася на напісанне вершаў падчас яго вандровак. Гэта было магутнае пасланне сілы святла, як і заключная кампазіцыя канцэрта — верш Юрася «Неба адно на ўсіх» пад музыку Уладзіміра Вавілава Ave Maria.

Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў па 65 хвілін кожнае, але час праляцеў, як адно імгненне. Сыходзіць не хацелася. Юрась, галоўны віноўнік урачыстасці, не пакідаў сцэну на працягу ўсяго канцэрта. Усе выступоўцы чакалі свайго выхаду, знаходзячыся сярод публікі ў зале. Праграма ішла выключна дакладна, без замінак, быццам шліфавалася гадамі. Вельмі прафесійна была выбудавана кампазіцыя вечара: нумары лаканічна перапляталіся, змянялі адзін аднаго, ствараючы дзівосную гармонію. Інтэрактыўныя зносіны з залай ад пачатку і да канца былі напоўнены такою любоўю і дабрынёй, што слёзы замілавання і сардэчнасці наварочваліся на вочы як у слухачоў, так і ў саміх выканаўцаў. Нягледзячы на тое, што Юрась вёў вечар па-беларуску, нават тым, хто не ведаў мовы, а такіх было нямала, усё было ясна і зразумела. Вось што значыць шчырасць! Вось што значыць сапраўдная любоў, якую немагчыма сыграць! Імі было прасякнута ўсё наскрозь. Толькі вельмі добрыя людзі з адкрытымі сэрцамі здольныя ствараць такую дзіўную атмасферу душэўнасці!

А ад нас застанецца лепшае
на шляхах, заўжды супярэчлівых,
у абставінах супрацьлеглага
дабрынёй мы заўсёды вечныя…

(з верша «Непрадказальнае»)

Цэнтральную сцяну сцэны займаў вялізны экран, на якім змяняліся слайды, міні-відэа і фатаграфіі, дакладна супадаючы з гукамі музыкі і вымаўленымі словамі. Неверагодная сінхроннасць! Захапляльная падборка фота і слайдаў, іх найвышэйшая якасць, якая адпавядае сусветным стандартам, — заслуга прафесіянала з вялікай літары, пры гэтым вельмі сціплага Алеся Каралькевіча і яго сям’і — жонкі Іны і дачкі Ксеніі.

У першым аддзяленні асабіста на мяне незабыўнае ўражанне зрабілі верш «Анёл», эмацыйна прачытаны Аляксандрай Лагвін, песня Андрэя Макаравіча «Свеча», перакладзеная Юрасём на беларускую мову, у выкананні Мішы Рыкова, а таксама верш Юрася «Танга» пад музыку Астара П’яцолы ў суправаджэнні танцавальнага дуэта In Motion.

Спачатку танцуючая пара з’явілася буйным планам на экране. Сінхранізаваць рухі танца з жывой музыкай дапамагла камп’ютарная тэхніка. Заключныя такты гарачага танца сталі сапраўдным сюрпрызам — на сцэне з’явілася танцавальная пара ў тых самых касцюмах, што і на экране. Яны і закончылі танец ужывую... нечакана і вельмі эфектна!

Калі гучала песня «Свеча», на экране з’явілася відэа запаленай свечкі, якая з часам губляла сілу гарэння, а потым побач з ёю ўзнікала іншая, і абедзве ўспыхвалі з новай сілай — сімвал салідарнасці і падтрымкі.

Сярод нумароў другога аддзялення хочацца вылучыць верш «Парыж», адухоўлена прачытаны Аксанай Мазгавой, і кранальнае лірычнае Адажыа з балета «Маленькі прынц» Яўгена Глебава, пранікнёна выкананае піяністкай Александр Голод.

Алена Абаленская спецыяльна для гэтага канцэрта падрыхтавала сваю песню «У стылі Шагала», пераклад тэксту якой на беларускую мову зрабіў Юрась. Уразіла і вытанчанае пачуццё гумару Ніны Гордан, цудоўнай віяланчэлісткі і аранжыроўшчыцы. Ніна знайшла магчымасць злучыць музыку фортэпіяннага трыа Франца Шуберта з вершам Юрася «Хлопчык» і перад выступленнем расказала гледачам сакрэты стварэння кампазіцыі, у якой музычныя фразы пераклікаліся з інтанацыямі вершаваных радкоў.

Кульмінацыяй канцэрта стаў выступ Эмілі Лакстан, канадскага сапрана неверагоднай чысціні, у суправаджэнні Ніны Гордан і дуэта «Cantabile», які атрымаў бурныя авацыі гледачоў. Крыштальны голас канадскай дзяўчыны, што выканала па-беларуску дзве песні кампазітара Ігара Лучанка ў аранжыроўцы Ніны Гордан, выклікаў поўнае захапленне прысутных.

Успомніўся ўнікальны для Еўропы лясны масіў — Белавежская пушча, тэрыторыя прыгажосці і спакою ў Беларусі, захавальніца запаведных прыродных скарбаў. Атаўскі беларускі паэт Юрась Шамецкі беражліва захоўвае і прымнажае багацце беларускай мовы і культуры, уцягваючы ў гэты высакародны працэс сяброў, аднадумцаў і шырокае кола шматнацыянальных слухачоў, якія атрымліваюць асалоду ад судакранання з прыгожым.

Жадаў бы словы зберагчы,
памылкі, вершы, спадзяванні,
каб не згубіцца на мяжы
паміж жывым і непрымальным,
каб у рэальнасці сваёй
у лёгкае сівое ранне
знайсці гарэзлівы настрой
свайму зямному існаванню.

(з верша «Чытаючы Хагакурэ»)

Улада, жонка і муза Юрася, задумала і ўвасобіла ў жыццё ідэю арганізацыі і правядзення вечара да юбілею любімага мужа, а сябры — цудоўныя музыкі, танцоры і чытальнікі вершаў — падтрымалі гэтую задуму і ўзялі ўдзел у канцэрце ў знак павагі і ўдзячнасці.

Міша Рыкоў, Эмілі Лакстан, Ніна Гордан, Александр Голод, Алена Абаленская, Алег Буевіч, Яўген Іваноў, Людміла Траяноўскі, Аксана Мазгавая, Александр Лагвин,  Алеся Каралькевіча, Ігар Каралькевіч і ўся каманда разам — магутная сіла!

Многія лічаць, што шчасце — гэта радасць кожнай пражытай хвіліны. Я ж параўнала б шчасце з электракардыяграмай — пульсацыя і зацішша, упэўненасць і прыгнечанасць, гонар і самазнішчэнне, захапленне і расчараванне... Усе гэтыя азначэнні — галоўныя спадарожнікі кожнага з нас. Пульсацыя кожнага пражытага імгнення робіць нас шчаслівымі і свабоднымі ад любых абмежаванняў. Апісаны вышэй вечар паэзіі і музыкі — яскравы таму прыклад. Будзем жа шчаслівыя, людзі!

Аўтар: Марына Кочетова

Issue